miércoles, 31 de diciembre de 2014

СА СЬВЯТАМ БОЖАГА НАРАДЖЭНЬНЯ ! -АРХІПАСТЫРСКІ ЗВАРОТ

Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная (Народная) Царква
Амерыканскі  Сусьветны  Патрыярхат



“...усе ахвочыя жыць добрасумленна ў Хрысьце Ісусе,будуць гнаныя.” 
(2Цім.3.12)

Голас  Царквы  беларускай 

Інфармацыя пра духоўнае жыццё і надзённыя справы беларускіх вернікаў 
№ 41  КАЛЯДЫ Менск 2015 г

СА СЬВЯТАМ БОЖАГА НАРАДЖЭНЬНЯ! 
АРХІПАСТЫРСКІ   ЗВАРОТ


“... Ён збавіць народ свой ад грахоў ягоных”
(Мц. 1. 21).

Дарагія і мілыя майму сэрцу браты і сёстры, шаноўныя людзі! З усёй шчырасьцю вітаю ўсіх вас і віншую з вялікім сьвятам усяго чалавецтва –

Нараджэньнем  Госпада нашага Ісуса Хрыста! 

    Анёл прамовіў: “...Ня бойцеся, бо абвяшчаю вам радасьць вялікую, якая будзе усім людзям: сягоньня нарадзіўся вам Збаўца, каторы ёсьць Хрыстос Госпад...” (Лк.2. 10 -11). Добрыя навіны ў сьвеце адбываюцца рэдка, а радасныя яшчэ радзей. І ні сакрэт, што захапленьне ад такіх навінаў хутка згасае. Але калядная вестка аб нараджэньні Госпада існуе ўжо 2015 гадоў і будзе жыць заўжды. Бо яна актуальная для ўсіх людзей і на ўсе часы. Яе сутнасьць ня ў падарунку з бліскучай упакоўкай, які хутка губляе сваю прывабную навізну, а ў асобе Сына Божага. Нараджэньне Хрыста падаравала нам Таго, Хто асьвятляе наша маркотнае і шэрае жыцьцё сьветам выратаваньня.

      Цудоўнае немаўлятка сталася Ўсемагутным Збаўцам. Ягоная дапамога патрэбная ўсім без выключэньняў, бо толькі Ён ратуе ад самай вялікай бяды – ад улады граху. Толькі праз Яго мы можам наблізіцца да Бога. Бо Ісус ёсьць “... дарога, і праўда, і жыцьцё. Ніхто не прыходзіць да Айца, як толькі праз Мяне”(Ян.14.6). Самае галоўная бяда ў сьвеце ня голад і не ядзерная вайна, не анкалагічныя захворваньні, і не здрада сяброў. Самая галоўная бяда ў сьвеце быць – грэшнікам. Таму на сьвята Божага Нараджэньня галоўнае не адкрыць мяшэчак з падарункамі ад блізкага чалавека, а найперш адчыніць сваё сэрца  для нашага Госпада, каб Ён пасяліўся там  назаўсёды.   


Архіяпіскап Юры (Рыжы) 
SB YURI, Emigidiusz Ryzy 


            Браты і сёстры! У гэтыя сьвяточныя дні будзем  радавацца і весяліцца ў Госпадзе. Мы ж Ягоныя дзеці, мы ж Ягоная  царква. “Заўсёды радуйцеся. Безупынку маліцеся. За ўсё дзякуйце, бо гэта ёсьць пра вас воля Божая ў Хрысьце Ісусе” (1Фес.5. 16-18). 
            Але трэба памятаваць, што сёньня ня ўсе дзеці Хрыстовыя змогуць сесьці з намі за сьвяточны стол. Ня ўсе нашыя аднаверцы змогуць удзельнічаць у калядных набажэнствах. І гэта ўсё адбываецца па волі антыхрыста. Так, не  адсьвяткуюць Божае нараджэньне беларускія палітычныя вязьні, няма дзе сабрацца шмат якім украінскім хрысьціянам на Данбасе і Крыме. Там расейскія захопнікі перасьледуюць непадпарадкаваных Маскве сьвятароў, зачыняюць, а дзе і ўвогуле разбураюць храмы ды малітоўныя дамы. Асабліва цяжка хрысьціянам у Іраку і яшчэ шэрагу ісламскіх краінаў. Таму будзем маліцца за іх. Яны гнаныя за праўду і веру. Яны “соль зямлі”.  І Бог дапаможа. “Калі Бог за нас, хто супраць нас?” (Рым. 8. 31).
               Няхай Магутны і Міласэрны Божа адорыць усіх вас у новым 2015 годзе сваёй ласкай. Шчасьця вам, здароўя і Божых дабраславеньняў. 



КАЛЯДЫ – 2015  Пакорны Архіяпіскап Юры (Рыжы)   Нью Ёрк, USA - Дзяды - 2014

No hay comentarios:

Publicar un comentario